Існаваў з канца 18 ст. да 1940-х г. у в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1798 паводле праекта арх. ВанГроса; меў рысы стылю ампір. Належаў Скірмунтам. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане на высокім цокалі будынак з 3 рызалітамі, накрыты вальмавым дахам. Сцены, аздобленыя рустам, завяршаліся антаблементам і карнізам на сухарыках. Цэнтр. рызаліт на гал. фасадзе вылучаны дарычным порцікам з 2 парамі калон і трохвугольным франтонам, на фасадзе, што выходзіў у парк, — 3-граннай галерэйкай з вальмавым пакрыццём. Бакавыя рызаліты на гал. і паркавым фасадах вылучаны 4-калоннымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы з франтончыкамі ў завяршэнні і скульпт. ўстаўкамі пад карнізамі. Каля палаца стаяў прамавугольны ў плане флігель з порцікамі на гал. фасадзе. Недалёка ад палаца размешчана Моладаўская капліца.